Архив

Posts Tagged ‘галерэя Ў’

Філасофія мас. Беларускі неа-поп

З 1 па 20 лістапада ў Мінску адбылася выстава “Філасофія мас. Беларускі неа-поп”, куратарам якой быў Сяргей Шабохін. Размяшчаем выбраныя рэпрадукцыі прэзентаваных прац разам з фрагментамі куратарскага тэксту, падрыхтаванага для каталога гэтай экспазіцыі.

Праект «Філасофія мас. Беларускі неа-поп-арт» — першая групавая выстава на абсалютна новай, унікальнай для Беларусі, пляцоўцы — у галерэі сучаснага мастацтва «Ў», якая была адкрыта ў Мінску ў кастрычніку 2009 года дзеля прэзентацыі і аналізу найноўшых мастацкіх тэндэнцый, даследавання праблемнага поля актуальнага беларускага мастацтва.

Паводле маёй задумы, у межах экспазіцыі феномен поп-арта ў Беларусі разглядаецца гістарычна і эвалюцыйна, параўноўваецца з сусветнай практыкай, важнае месца пры гэтым адводзіцца «эфекту Уорхала» і таму ўздзеянню, якое ён зрабіў на беларускі мастацкі досвед. Выстава павінна даць магчымасць выявіць спецыфіку існавання поп-арта ў нашым мастацкім кантэксце. /…/

Атмасферу жыцця за жалезнай заслонай і ўспрыманне поп-арта як Чужога ў нашай нядаўняй рэчаіснасці

Сяргей Шабохін
Сяргей Шабохін

я імкнуўся перадаць і ўзнавіць у першай частцы экспазіцыі. Патрапіўшы ў першую залу, глядач апынаецца ў безаблічным савецкім інтэр’еры, у якім тэксты пра поп-арт размесціліся між пафарбаванымі ў шэры прадметамі і мэбляй 60-х гадоў. Пры гэтым мастацтвазнаўчыя тэксты ўяўляюцца выразкамі з газет і БСЭ, наклеенымі на сцены нейкім ананімным савецкім інтэлігентам, і ў цэлым інсталяцыя адсылае гледача хутчэй да традыцый мінімалісцкага і канцэптуальнага мастацтва, чым да абяцанага яркага неа-поп-арта. /…/

Наступную залу я ўмоўна назваў «дзіцячым пакоем».

BWGM

Чорна-белая выява дзяўчынкі (аўтар — BWGM), якая пускае мыльныя бурбалкі, пазначае пераход ад сумнай шэрай рэчаіснасці да яркай экспазіцыі. Сімвал мыльнай бурбалкі тут не выпадковы: гук, з якім лопаецца шарык, у амерыканскіх коміксах абазначаўся словам «pop» — ад яго, паводле адной з версій, і паходзіць тэрмін «pop art». /…/

Барацьба масавага і элітарнага, сур’ёзнага і несур’ёзнага, дарагога і таннага —

Міхаіл Гулін

важная ідэя неа-поп-арта, і гэтае суперніцтва лепш за ўсё выяўлена ў праекце Міхаіла Гуліна «Хто мацнейшы?!». Кардонавыя персанажы барукаюцца ў галерэі хутчэй не адзін з адным — яны адваёўваюць права называцца скульптурай, змагаюцца за глыбакадумнае стаўленне да сябе. /…/

Тры працы Аляксандра Некрашэвіча з серыі «Багі і Героі» і аб’ект пад назвай «Матрошка» Сяргея Войчанкі і Уладзіміра Цэслера раскрываюць тэму дэвальвацыі традыцый і каштоўнасцей. Аляксандр Некрашэвіч паказаў частку сваёй новай серыі; выкананыя ў тэхніцы аэраграфіі на алюмініі і пакрытыя аўтамабільным лакам працы — гэта выявы новых Багоў, сумяшчэнне класічных вобразаў

А. Некрашэвіч, У. Цэслер, С. Войчанка

з сучаснымі. Так, Апалон скрыжаваны з Гары Потэрам, леанардаўская Мадонна — з культавай спявачкай Мадоннай, а Джаконда — са знакамітай порназоркай Чычалінай. Аўтар паспрабаваў прасачыць, як масавая свядомасць ператварае ідалы класічнага мастацтва ў сучасныя, як зоркі і куміры шоў-бізнесу ўзводзяцца ў ранг багоў, а вобразы мінулага дэвальвуюцца шляхам

У. Цэслер, С. Войчанка

бясконцага тыражавання на старонках часопісаў, кніг і падручнікаў. Сінтэз жа Моны Лізы і матрошкі ў працы арт-дуэта Сяргея Войчанкі і Уладзіміра Цэслера ператварае класічны шэдэўр у прадукт народнай творчасці, прымушаючы задумацца пра папулізацыю і фалькларызацыю мастацтва. /…/

Яшчэ адным прыкладам узаемадзеяння мастацтва і рэкламы на выставе сталі працы вышэйузгаданага арт-дуэта Войчанкі і Цэслера. Працуючы на мяжы мастацтва і дызайну, аўтары ствараюць свае аб’екты, выкарыстоўваючы тыповы для дызайна прыём — наданне звыклым бытавым рэчам нехарактэрных якасцяў. Вынікам такога ўздзеяння з’яўляецца страта функцыянальнасці: туфлік раздвойваецца ў капыток, а «Крэсла» ператвараецца ў жаночую фігуру. Іншы ўдзельнік экспазіцыі, Руслан Вашкевіч, у казцы пра Бураціна разгледзеў латэнтны сексуальны падтэкст і стварыў эфектны кічовы вобраз эратычнай сцэны ў лепшых традыцыях сучаснай фэшн-фатаграфіі.  /…/

Сяргей Шабохін

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае «алтар», дзе размешчаныя залаты бюст Эндзі Уорхала, карона і праца BWGM — выява складзеных для малітвы альбо апладзіруючых дзвюх пар далоняў, якія з напісанымі на фалангах пальцаў словамі «SEX» і «CASH». «Эфект Уорхала» надзвычай важны для мастацтва ўвогуле і беларускага досведу ў прыватнасці — менавіта таму каралю поп-арта аддадзена гэткае значнае месца ў экспазіцыі. Пафарбаваўшы гіпсавы бюст залатым і ўставіўшы ў вачніцы два буйныя стразы, я хацеў іранічна падкрэсліць статус гэтай культавай асобы, адзначыць той факт, што Уорхал з’яўляецца адным з самых прадавальных мастакоў сучаснасці. Далоні, выкананыя вулічным мастаком BWGM у трафарэтнай тэхніцы, узнаўляюць фрагмент гравюры Дзюрэра і з’яўляюцца яшчэ адной цытатай з класічнага мастацтва ў экспазіцыі.  /…/

Канстанцін Селіханаў

Калі супаставіць арганізацыю выставачнай прасторы і чалавечае жыццё, то лагічным эпілогам праекта пасля «дзяцінства», «маладосці» і «сталасці» будзе «старасць» і «смерць». Адным з цэнтральных аб’ектаў апошняй часткі экспазіцыі з’яўляецца скульптура Канстанціна Селіханава, своеасаблівы адказ на працу Даміена Херста, знакаміты інкруставаны брыльянтамі чэрап. Праца Селіханава ўяўляе сабою чэрап з убудаванымі ў лобную частку таннымі стразамі ў выглядзе блатной татуіроўкі. Назваўшы сваю скульптуру «Выдумка», аўтар іранізуе з дарагога аб’екта, спрабуе пазбавіць яго статуса сусветнага шэдэўра,

Павел Вайніцкі

прадэманстраваць яго ўнутраную пустэчу. Развагі пра смерць і спустошанасць з’яўляюцца ключавымі ў апошняй зале. Гэты фінальны блок уключае ў сябе інсталяцыюПаўла Вайніцкага і фатаграфіі Сяргея Ждановіча. Аб’ект Паўла Вайніцкага, які называецца «Прысвячэнне Віктару Пялевіну», уяўляе сабою паўнавартасна функцыянуючы тэлевізар, убудаваны ва ўнітаз. /…/

Пустэча і самота, схаваныя за заслонай медыйнага свету, агаляюцца ў фатаграфіях Сяргея Ждановіча, які зафіксаваў пустыя рэкламныя

Сяргей Ждановіч

шчыты ў Мінску. Сіратлівыя, пазбаўленыя стракатай абалонкі, яны дэманструюць тыя нежыццяздольнасць і тугу, якія хаваюцца за навязаным нам штучным светам. Фатаграфіі становяцца эпілогам экспазіцыі, пэўнай кропкай, на якой усё заканчваецца, але з якой, разам з тым, усё пачынаецца. Усе працы гэтага блока чорна-белыя, яркія аб’екты засталіся ззаду, глядач зноў вяртаецца ўшэры кабінет і выходзіць на вуліцу, у лістападаўскую восень. Мне хацелася закончыць экспазіцыю адчуваннем пустэчы і смутку, прадэманстраваць унутраны бок яркіх вобразаў і тыя механізмы ўздзеяння, з дапамогай якіх грамадства спажывання і масавая культура ўплываюць на чалавека.

Сяргей Шабохін