Архив

Posts Tagged ‘Сяргей Сакума’

Калядны канцэрт NRM 17 снежня к/з “Мінск”

Суб’ектыўны рэпартаж з 23 шэрагу 36 месца

Сёння публікуем пост Сяргея Сакума, антраполага з Мінска, пра канцэрт гурта N.R.M., які адбыўся 17 снежня ў Мінску.

N.R.M. (Незалежная Рэспубліка Мроя)беларускі рок-гурт, заснаваны ў 1994 годзе. Да нядаўняга часу музыканты не маглі афіцыйна выступаць у Беларусі, таму так доўгачаканы канцэрт стаўся сапраўднай падзеяй.

Усё пачалося яшчэ задоўга да 17 снежня, вось з гэтай афішы, на якую я штодня глядзеў, праходзячы міма. Загадкавыя тры літары для “непасвяшчоных” і такія шматзначныя для грамадзян Незалежнай Рэспублікі Мроя. Нарэшце не вытрымаў і купіў квіткі! Пасля чаканне, калі кожнай раніцай глядзіш на каляндар: ці яшчэ не дзень канцэрту? А вось і 17 снежня! У метро здаецца, што ўсе людзі ідуць у адным напрамку з табой, нібыта з адной секты, секты прыхільнікаў  гурта NRM, спяшаюцца з усіх бакоў у канцэртную залу “Мінск” як на свята. Раз-пораз падаецца, што чуеш беларускую гаворку – свае! “Паспеем? Паспеем!”

Каля ўваходу тоўпіцца народ, нехта не паспеў набыць квіткі і спадзяецца на каляднае цуда, астатнія заскокваюць унутр. Унутр, дзе ўжо пануе іншая рэчаіснасць…

Займаю месца. Сцэна – нібыта музычная калядная паштоўка, якая не перастае адорваць шчасцем і радасцю.

Лявон Вольскі:

Бачыце, як тут сёння святочна, пастараліся для Вас!

Зала адгукаецца. І пачынаецца свята .

Вольскі:

Асабліва прыкольна выглядаюць канцэрты з гэтай песняй у Лос-Анжэлесе.

Піт Паўлаў дастае беларускі народны інтрумент — дрылю, каб выканаць нашую фальклорную паўночна-амерыканскую песню.

Вольскі:

Калі скончыцца першае аддзяленне, вас запрашае гасцінна бар, які настаяў на гэтым. Як кажуць, чаго ісці пасля 22 гадзіны – не прадаюць жа крыжачок!

Калі рэчаіснаць не змяняецца, ты выдумляеш сабе іншую. Спачатку трэба знайсці туды ўваход: ці гэта будзе чароўны трус, за якім пагонішся, як у “Алісе ў краіне цудаў”, ці гэта будзе словы і музыка, з дапамогай якіх спярша дазнаешся, што ёсць магчымасць пабудаваць свой свет, у якім будзе ўтульна жыць. Пасля насяляеш гэты створаны свет сваімі сябрамі, знаёмымі, прыхільнікамі, і раптам усведамляеш, што гэта ўжо сапраўдная краіна са сваім гімнам, сцягам, нават пашпартамі і візамі, якая больш рэальная за іншыя рэальныя краіны. Гэты паралельны свет як выратаванне, дзе можна падыхаць паветрам, пазбавіцца смагі, набрацца сіл, каб ізноў акунуцца ў рэальнасць. Мы жывем у краіне, якой не было…

Ну і, вядома, якія каляды без падарункаў! Музыкі дастаюць з меху падарункі, бяруць у рукі мапу партэру канцэртнай залы (партэр крычыць: “О-о-о!”), на адваротным баку якой мапа балкона (балкон крычыць нават гучней: “О-О-О!”), і тычаць наўздагад па мапе, каму ж дастануцца падарункі. Сяджу з заміраннем… Не, першы падарунак ад спонсараў гэтага канцэрта “Будзьма” трапляе на іншы шэраг. А за ім у залу ляціць дысконтная карта, рарытэтны альбом “Бумеранг”, перавыданне “28 зоркі” Мроі. Каляндар на 2010 год з аголенымі беларускімі літаратарамі дастаецца дзяўчыне за маёй спінай.

Вольскі:

Можна павесіць на сцяну, можна ў туалеце. Там падказваюць ззаду, што не зусім аголеныя, што ў трусялях яны ўсе. Можа, Вам яшчэ рана на такіх літаратараў глядзець, а? Ну ладна, гэта ж беларускія літаратары – тады можна!

І дадае:

Трэба большыя паўзы рабіць. Вось год не гралі – а які прыём! Каб два гады не гралі, дык яшчэ цяплейшы прыём быў бы.

Гучаць песні, словы якіх ведаеш, здаецца, з дзяцінства, нібыта яны ўжо упісаліся ў генетычную памяць. Раптам ўзгадваю гісторыю, што аднойчы ў іншай краіне беларуса папрасілі распавесці, што гэта за краіна Беларусь, дык ён пачаў спяваць “Простыя словы”.

Вольскі:

Ведаеце, як называецца вось гэты этнічны музычны інструмент, які належыць Піту і які ён прынес сюды? – Ён называецца “шархуны”. Шархуны – гэта гатунак бразготак. А ў 1857 годзе былі абаронены правы ў Злучанных Штатах Амерыкі на песню, якая называецца «One Horse Open Sleigh», то бок  «Jingle bells» – і вось нашая версія. Ну якія Каляды без “Джынгл БЕЛ-с”?

Людзі бягуць бліжэй да сцэны, каб занатаваць момант на свае лічбавікі. “А Вы не адбілі”, усьміхаецца Піт і пазіруе яшчэ раз. Нейкі хлопчык гадоў пяці, адолеўшы сек’юрыці, вымагаецца на сцэну і сядае дапамагаць Юрасю Ляўкову.

Апошняй песняй гучыць “Тры чарапахі”, без якой, як сцявярджае Вікіпэдыя, не абыходзіцца ні адзін канцэрт NRM.

І ты ўжо спяшаешся ў гардэроб, каб цябе не знесла плынь узрушаных людзей, а ў кішэні трымаеш калядную паштоўку, на якой бліскучыя дрэвы, срэбны месяц, лесвіца пад ім… Паштоўка, калі яе адгортваеш, пачынае гучаць “Прыцемкам сінім, зімовай парой, у доме бацькоўскім ўсё так знаёма…” ды іншымі песнямі, ты і раптам разумееш, што час бывае не толькі такі, які бяжыць напрамкі ад кропкі А у кропку Б, але такі, які можна сабраць у далоні, пакласці ў скарбонку, і раз-пораз, калі хочацца збавіцца суму – прыадчыняць… каб апынуцца ў сваім свеце.

Дабранач, паненкі,

Дабранач, панове…

Сяргей Сакума